Тыдзень беларускай мовы і літаратуры
“З любоўю да роднага слова” — пад такім дэвізам з 19 па 24 лютага праходзіў ў гімназіі Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Напярэдадні Тыдня была арганізавана выстава “Прыгажосць роднага слова”, якая дазволіла вучням далучыцца да багатай скарбніцы роднай мовы, адчуць сапраўдны “смак” спрадвечна беларускіх слоў.
Кожны дзень Тыдня быў па-сапраўднаму насычаным і пазнавальным. Атмасфера сапраўднага беларускага свята адчувалася ўжо ў першы дзень, калі гімназія ўсіх сустракала ранішнім віншаваннем “Дала мне маці гэту мову…” Народная музыка, песні на словы беларускіх паэтаў, якія гучалі на перапынках, стваралі прыўзняты святочны настрой. Вучні ў гэты дзень мелі магчымасць прайсціся “Сцяжынкамі Іўеўшчыны”, дакрануцца да культурнай спадчыны сваёй малой радзімы, адчуць гонар за сваіх славутых і таленавітых землякоў.
Разнастайныя конкурсы, віктарыны, моўныя спаборніцтвы дазволілі ўсім вучням гімназіі далучыцца да багатай спадчыны свайго народа. Вучні 5-ых класаў спрабавалі свае сілы ў віктарыне "Размаўляем па-беларуску". Літаратурны рынг ”Жыве ў вяках беларускае слова” дазволіў вучням 6-ых класаў яшчэ раз дакрануцца да жывога роднага слова, праявіць свае творчыя здольнасці. Сямікласнікі паказалі сваю эрудыцыю па беларускай мове і літаратуры падчас правядзення моўнага турніру “Знаўцы беларускай мовы”. Цікавай і пазнавальнай для навучэнцаў 8-ых класаў была літаратурна – музычная кампазіцыя “Беларускае, роднае, кроўнае…” У час правядзення акцыі “Любімае слова на роднай мове” кожны гімназіст меў магчымасць аддаць частку сваёй душы, свайго сэрца з любімым словам на роднай мове “вялікаму сэрцу” беларускай мовы. На працягу ўсяго тыдня дзейнічала інфармацыйная выстава “Пісьменнікі- юбіляры-2018”
Ярка і насычана прайшоў у гімназіі Міжнародны дзень роднай мовы. Вучняў, настаўнікаў і наведвальнікаў гімназіі сустракалі дзяўчынкі ў беларускіх строях, запрашалі паўдзельнічаць у акцыі “Класіка на вуснах сучаснікаў”, прыгадаць радкі з любімых вершаў на беларускай мове. А напрыканцы дня актавая зала гімназіі напоўнілася напевам паэтычнага слова. Конкурс дэкламатараў “Паэтычны вернісаж” сабраў вучняў 3-9 класаў. Эмацыянальна і мілагучна гучалі вершы Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча і іншых беларускіх паэтаў у выкананні гімназістаў. Не былі пакінуты па-за ўвагай і самыя маленькія вучні гімназіі: менавіта для іх быў арганізаваны прагляд мультфільмаў на беларускай мове.
Вось так цікава і насычана прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. І калі праводзяцца такія мерапрыемствы і вучні з цікавасцю і адказнасцю да іх адносяцца, хочацца верыць у тое, што
Жыць будзе Беларусь – мая старонка,
Сярод зямлян жыць будзе беларус!
А разам з беларусам будзе жыць прыгожая, мілагучная беларуская мовы!
Телефон: (8-015-95)6-12-36
Email: ivyegymn@grodno-region.by