Конкурс «Чытаем па-беларуску з velcom»
Падведзены вынікі першага этапу рэспубліканскага конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» для вучняў 7 і 8 класаў. На працягу 2 з паловай месяцаў удзельнікі конкурсу запісвалі відэа, на якіх яны чытаюць творы беларускіх паэтаў. Школьнікі з усёй Беларусі даслалі на конкурс 2048 відэа. Прыём работ на конкурс «Чытаем па-беларуску з velcom», які праходзіць пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, завяршыўся 20 снежня. Затым адбылося пасяджэнне журы, якое вызначыла па 30 лепшых прадстаўнікоў ад кожнай вобласці і горада Мінска, якія выступяць у другім этапе конкурсу. У спіс пераможцаў першага этапу ад Гродзенскай вобласці трапіў і наш Косця Муліца.
У склад журы конкурсу ўваходзілі пісьменнік, рэдактар часопіса «Вясёлка», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Уладзімір Ліпскі, пісьменніца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Раіса Баравікова, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна, акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт, паэткі Кацярына Массэ і Маргарыта Латышкевіч.
З лютага па красавік 2018 года пройдуць рэгіянальныя фіналы, дзе чытальнікі выступяць перад журы ўжывую. Па іх выніках пяцёра лепшых ад кожнага рэгіёну будуць узнагароджаны сучаснымі смартфонамі і атрымаюць магчымасць пазмагацца за перамогу ў вялікім рэспубліканскім фінале. Ён пройдзе ў Мінску ў траўні 2018 г., пераможцам конкурсу будуць уручаны смартфоны маркі Apple.
Жадаем табе, Косця, дайсці да фіналу і атрымаць каштоўны прыз! Поспехаў!
https://drive.google.com/open?id=1WDTtjF2gsgCZbiscjKMZcKrEgvnIxrW2
Телефон: (8-015-95)6-12-36
Email: ivyegymn@grodno-region.by